СПАРТЫ́ЎНЫ КАМІТЭ́Т Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь,

ведамасны рэспубліканскі орган, прызначаны для арганізацыі фіз. культуры і спорту ва Узбр. Сілах. Аказвае практычную і метадычную дапамогу вайсковым часцям у арг-цыі і правядзенні спарт.-масавай работы і ў падрыхтоўцы спартсменаў.

Бярэ пачатак ад спарт. аддзялення, створанага ў жн. 1944 пры Доме афіцэраў БВА. З крас. 1946 спарт. клуб Дома афіцэраў, з мая 1953 спарт. клуб арміі (СКА) БВА, з кастр. 1992 — Спарт. клуб Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь, са жн. 1995 сучасная назва. З 1993 С.к. прадстаўляе Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь у Міжнар. савеце ваен. спорту (створаны ў 1948. аб’ядноўвае ваеннаслужачых-спартсменаў 122 краін свету).

С.к. мае неабходную спарт. базу: палац лёгкай атлетыкі, спарт. базу ва Уруччы (4-залавы спарт. комплекс, зал барацьбы і цяжкай атлетыкі, 50-метровы адкрыты плавальны басейн і інш.), спарт.-стралк. комплекс, Мінскую (плавальны басейн, зала гімнастыкі) і Гродзенскую (зала гімнастыкі) спарт. базы. Працуе аб’яднаная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву (з аддзяленнямі па спарт. гімнастыцы, лёгкай атлетыцы, плаванні, кулявой стральбе, тэнісе, фехтаванні). З сярэдзіны 1970-х г. вучыцца каля 600 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У розныя гады ў С.к. праходзілі і праходзяць службу вядомыя спартсмены: А.​У.​Валчэцкая, М.​П.​Мілігула, В.​В.​Корбут, Н.​У.​Кім, В.​А.​Сідзяк, М.​А.​Алёхін, І.​М.​Жалязоўскі, А.​У.​Каршакевіч, І.​М.​Басінскі і інш.

В.​А.​Данілаў.

т. 15, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)